МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
дзярж. прадпрыемства, якое займаецца чаканкай манет, вырабам ордэнаў, медалёў і інш. дзярж. метал. знакаў адрознення. М.д. ўзнікалі з утварэннем нац. дзяржаў, калі чаканка манет станавілася дзярж. манаполіяй. У Расіі першы М.д. узнік у 1534 у Маскве. У 1724 М.д. заснаваны ў Пецярбургу; з 1876 ён стаў адзіным у краіне. У Англіі М.д. створаны ў канцы 12 ст. ў Лондане, у ЗША у 1792 — у Філадэльфіі. На тэр. Беларусі дзейнічалі з 1665 Брэсцкі манетны двор, з 1706 Гродзенскі манетны двор, у 1796 запланавана адкрыццё Полацкага манетнага двара. Найб. вядомыя ў абарачэнні на тэр. Беларусі манеты выпускалі Віленскі манетны двор, М.д. Рэчы Паспалітай (16—18 ст., у т. л. ў Коўне, 1665—67), Саксоніі (1697—1763), Расійскай імперыі (18 ст. — 1917), СССР (1917—91). У Рэспубліцы Беларусь выраб бел. дзярж. узнагарод з каштоўных металаў ажыццяўляе падраздзяленне «Ювелір» Гомельскага вытв. аб’яднання «Крышталь».
т. 10, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)